Полацак

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Полацак
трансьліт. Polacak[a]
Полацак
Coat of Arms of Połack, Belarus.svg Flag of the city of Polotsk Belarus.svg
Герб Полацку Сьцяг Полацку
Першыя згадкі: 862
Магдэбурскае права: 4 кастрычніка 1498
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Віцебская
Раён: Полацкі
Плошча: 36,74 км²
Насельніцтва (2017)
колькасьць: 85 012 чал.[1]
шчыльнасьць: 2313,88 чал./км²
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 214
Паштовыя індэксы: 211291, 211400—211402, 211404—211415, 211422
Нумарны знак: 2
Геаграфічныя каардынаты: 55°29′ пн. ш. 28°48′ у. д. / 55.483° пн. ш. 28.8° у. д. / 55.483; 28.8Каардынаты: 55°29′ пн. ш. 28°48′ у. д. / 55.483° пн. ш. 28.8° у. д. / 55.483; 28.8
Полацак на мапе Беларусі ±
Полацак
Полацак
Полацак
Полацак
Полацак
Полацак
Commons-logo.svg Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
http://www.epolotsk.com/

По́лацакместа ў Беларусі, на рацэ Дзьвіне пры ўтоку ў яе ракі Палаты. Адміністрацыйны цэнтар Полацкага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2017 год — 85 012 чалавек[1]. Знаходзіцца непадалёк ад Наваполацку, разам зь якім складае г. зв. Полацкі рэгіён, за 100 км на паўночны захад ад Віцебску. Чыгуначны вузел, празь які праходзяць лініі на Маладэчна, Віцебск, Невель, Дзьвінск; вузел аўтамабільных шляхоў. Паводле адной з вэрсіяў, тут знаходзіцца геаграфічны цэнтар Эўропы.

Полацак — найстарэйшы горад крывічоў і сталіца першай дзяржавы на беларускай этнічнай тэрыторыі. Даўняе магдэбурскае места і цэнтар гістарычнага рэгіёну, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. У наш час — турыстычны цэнтар міжнароднага значэньня, які прэтэндуе на неафіцыйны статус культурнай сталіцы краіны. Тут захаваліся царква саборная Сьвятой Соф'і ў стылі віленскага барока, комплекс Спаскага манастыра з царквой Сьвятога Спаса, калегіюм езуітаў, комплекс Богаяўленскага манастыра з царквой Божага Яўленьня, комплекс кляштару бэрнардынаў з касьцёлам Сьвятой Ганны і жылы корпус кляштару францішканаў, помнікі архітэктуры XI—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся меская ратуша, манастыр базылянаў і францішканскі касьцёл Сьвятога Антонія Падуанскага, помнікі архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў, зруйнаваныя расейскімі ўладамі, а таксама царква Сьвятой Параскевы Пятніцы, царква Сьвятых Барыса і Глеба, рэзыдэнцыя полацкіх мітрапалітаў з царквой Узьвіжаньня Сьвятога Крыжа, комплекс кляштару дамініканаў з касьцёлам Маці Божай Ружанцовай, езуіцкі касьцёл Сьвятога Стэфана (віленскае барока) і могілкавы касьцёл Магілы Гасподняй і Францішка Ксавэрыя, помнікі архітэктуры XII—XIX стагодзьдзяў, зруйнаваныя савецкімі ўладамі.

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тапонім «Полацак» утварыўся ад назвы ракі Палаты. Тым часам гідронім, відаць, мае балцкае паходжаньне ад асноваў «pal» або «palte» — балота, лужына, з далейшай славянскай асыміляцыяй[2]. Варыянты напісаньня назвы места ў гістарычных крыніцах: Полоцк, Полоцъкъ, Полотскъ, Полотескъ, Полтескъ, Плтескъ, Полческъ. У нямецкіх хроніках паселішча ўпамінаецца як Плоцэке[b], у скандынаўскіх сагах — Pallteskiuborg, Palteskia[3].

У сучаснай беларускай мове (клясычны правапіс) старажытны тапонім аформіўся з устаўным «а» ў канцавым спалучэньні -цк — Полацак[4], што адпавядае традыцыйнаму вымаўленьню мясцовых жыхароў. Пісьмовае выкарыстаньне гэтай формы пачалося ў канцы XIX ст. у новым беларускім правапісе, які грунтаваўся на фанэтычным прынцыпе. Пазьней у 1920-я гады форма «Полацак» як нарматыўная[c] пачала шырока ўжывацца ў БССР да палітычнай рэформы беларускага правапісу 1933 году, а таксама ў Заходняй Беларусі да падзеяў 1939 году. Складальніца афіцыйнага даведніка «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь» мовазнаўца Валянціна Лемцюгова прызнае, што форма «Полацак» ужываецца ў вуснай мове беларусаў на працягу многіх стагодзьдзяў. Разам з тым яна сьцьвярджае, што гэтая форма не вытлумачваецца фанэтычнымі законамі беларускай мовы[5]. Тым часам мовазнаўца Юрась Бушлякоў паказваў на тое, што ўстаўны гук [а] у назвах местаў адпавядае ўстаўным гукам [э] і [о] у шэрагу беларускіх словаў: Зьміцер, вецер, вузел, журавель, карабель, бабёр, віхор і іншых[6]. Цяперашняе афіцыйнае напісаньне назвы места — Полацк (рас. Полоцк).

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Плян Полацку, 1579 г.
Асноўны артыкул: Гісторыя Полацку

Полацкае княства[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Полацкае княства

Упершыню Полацак ўпамінаецца ў «Аповесьці мінулых часоў» пад 862 годам у зьвязку зь дзяльбою гарадоў наўгародзкім князем Рурыкам і зьяўляецца, такім чынам, найстарэшым горадам на тэрыторыі сучаснай Беларусі[7][8]. Гэта быў буйны палітычны цэнтар племені крывічоў, сталіца княства.

Аблога Полацку, 1579 г.

Полацкае княства бесьперапынна ўдзельнічала ў міжусобнай барацьбе паміж рускімі князямі, ад якой вельмі цярпелі горад і яго жыхары. Так, у часе чарговай міжусобнай вайны, якая ў летапісах датуецца 980 годам, Полацак захапіла і спаліла войска князя Ўладзімера. Гэта пацьвярджаецца зьвесткамі археалягічных дасьледаваньняў, якія зафіксавалі сьляды пажару, датаванага канцом X стагодзьдзя.

Найвышэйшага ўздыму старажытны Полацак дасягнуў за часамі Ўсяслава Брачыславіча (княжыў у 1044—1101 гадох), вядомага як «Чарадзей». У гэты пэрыяд у горадзе збудавалі Сафійскі сабор. Па сьмерці Ўсяслава Полацкае княства ўвайшло ў пэрыяд фэўдальнай раздробленасьці.

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вызваленьне места Стэфанам Баторыем. Дрэварыт, XVI ст.
Асноўны артыкул: Полацкае ваяводзтва

Станаўленьне ў Полацкім княстве першага прадстаўніка літоўскай дынастыі Таўцівіла адбылося ў 1250-я гады, імаверна, у выніку пагадненьня паміж палачанамі і князем[9]. Трапіўшы ў сфэру ўплыву Вялікага Княства Літоўскага, Полацак актыўна ўдзельнічаў у рэалізацыі ягонай замежнай палітыкі ў дачыненьні да суседніх зямель: Інфлянтаў, Ноўгарада, Пскова, Смаленску. Пры гэтым Полацак ня страціў свайго значэньня: ён стаў адным з найбольшых мескіх цэнтраў Вялікага Княства Літоўскага і нават канкураваў з сталіцай — Вільняй[10]. Асноўныя правы і прывілеі жыхароў места замацаваў абласны прывілей, выдадзены вялікім князем Вітаўтам.

4 кастрычніка 1498 году вялікі князь Аляксандар надаў Полацку Магдэбурскае права. У 1504 годзе ўтварылася Полацкае ваяводзтва. З XVI ст. пачаў ужывацца мескі герб: «у блакітным полі на срэбнай вадзе трохмачтавы карабель з разгорнутымі ветразямі»[11].

Плян места, 1707 г.

Зь першай паловы XVI ст. Полацак стаў арэнай баявых дзеяньняў паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Маскоўскай дзяржавай. Практычна ў кожную такую вайну маскоўскія захопнікі праводзілі аблогу места, 3 або 4 разы яны палілі ягоныя гандлёва-рамесныя пасады[9].

Полацак значна пацярпеў у Інфлянцкую вайну, асноўныя баявыя дзеяньні якой прыйшліся на тэрыторыю ваяводзтва. У 1563 годзе, па аблозе, якая працягвалася некалькі тыдняў, Полацак захапіла маскоўскае войска на чале з Іванам IV Тыранам. Толькі праз 15 гадоў кароль і вялікі князь Стэфан Баторы вызваліў места.

У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1632—1634) 16 чэрвеня 1633 году маскоўскія войскі захапілі і спалілі Полацак[12]. У 1654 годзе, з разьвязваньнем чарговай вайны супраць Рэчы Паспалітай, Полацак зноў апынуўся пад маскоўскай акупацыяй. На гэты раз, у выніку шматтыднёвай аблогі, 16 чэрвеня 1654 году места мусіла здацца ўсходнім захопнікам. У 1667 годзе, згодна з Андрусаўскім пагадненьнем, Полацак вярнуўся да Вялікага Княства Літоўскага. Праз вайну ён апынуўся ў ліку найбольш пацярпелых літоўскіх местаў (колькасьць насельніцтва скарацілася на 93%)[12].

За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) у Полацку знаходзілася расейскае войска на чале зь Пятром I, які ўчыніў разьню уніяцкіх сьвятароў у мурах саборнай царквы Сьвятой Соф’і і ператварыў яе ў парахавы склад. Неўзабаве выбух зьнішчыў найбольш старажытную хрысьціянскую царкву Беларусі. У 1706 годзе ўжо швэдзкае войска заняло места, спаліла і разрабавала яго.

Усе гэтыя войны і разбурэньні прывялі да паступовага заняпаду Полацку і страты ім ранейшага значэньня.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вуліца Вялікая, XVIII ст.

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе асноўная, правабярэжная частка Полацку апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Пскоўскай губэрні, а ў выніку другога падзелу (1793 год) — задзьвінская частка.

6 верасьня 1776 году ўтварылася Полацкае намесьніцтва, таго ж году расейскія ўлады пазбавілі места Магдэбурскага права. 23 сьнежня 1796 году ўтварылася Беларуская губэрня, у складзе якой апынуўся і Полацак. 13 сакавіка 1802 году места як цэнтар павету ўвайшло ў Віцебскую губэрню.

Полацак стаў арэнаю жорсткіх баёў у вайну 1812 году. Тэрыторыя колішняга ваяводзтва апынулася на шляху адступленьня расейскай арміі на чале з Барклаем дэ Толі. У памяць пра тыя падзеі адзін з мастоў праз Палату мае назву Чырвоны.

Яшчэ 10 чэрвеня 1812 году адбылося ўрачыстае адкрыцьцё Полацкай акадэміі, якая ўтварылася на базе езуіцкага калегіюму. Аднак у зьвязку з паходам Напалеона заняткі ў ёй пачаліся толькі 8 студзеня 1813 году. Гэта была першая вышэйшая навучальная ўстанова на тэрыторыі сучаснай Беларусі з усімі правамі ўнівэрсытэту. Акадэмія мела тры факультэты: тэалягічны, моваў і літаратураў, філязофіі і вольных навук. Тут пад кіраўніцтвам сарака прафэсараў займалася каля шасьцісот студэнтаў. З аўдыторыяў акадэміі пачалі свой шлях гісторык, археоляг і этнограф Канстантын Тышкевіч, астраном і філёзаф Якуб Накцыяновіч, пісьменьнік Юзэф Масальскі. У полацкай альма-матэр навучаўся мастак Валенці Ваньковіч. Яе дыплём атрымаў аўтар славутага «Шляхціча Завальні», адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры Ян Баршчэўскі.

Панарама места, 1893 г.

Дэмакратычныя навучальныя ўстановы сталі на захопленых Расеяй землях магутнай духоўнай апазыцыяй калянізатарам. Полацкую прафэсуру зьвінавацілі ў выхоўваньні антыўрадавых настрояў, і ў 1820 годзе з царскай канцылярыі выйшаў указ: «Полоцкую академию и подведомственные ей училища упразднить»[13].

У 1835 годзе на базе езуіцкай акадэміі і піярскай вучэльні адкрыўся Полацкі кадэцкі корпус (праіснаваў да 1918 году). У 1839 годзе ўлады Расейскай імпэрыі і Маскоўскі патрыярхат правялі ў месьце сабор, які ліквідаваў Грэцка-Каталіцкую Царкву. У 1860-я гады ў Полацку працавалі тытунёвая фабрыка, гарэлкавы завод. На 1885 год — 28 прадпрыемстваў (130 работнікаў). Значнае месца ў разьвіцьці Полацку займаў гандаль, пашырэньню якога спрыяла адкрыцьцё ў 1866 руху на лініі Дынабург — Полацак Рыга-Арлоўскай чыгункі. На 1860 год у месьце працавалі 122 крамы, на 1865 — 456. У 1872 годзе адкрылася настаўніцкая сэмінарыя.

У пачатку XX ст. праз Полацак праклалі другую чыгуначную лінію, у месьце працавалі жаночая дзяржаўная гімназія, 6 вучэльняў рознага профілю, 5 царкоўна-прыходзкіх школаў, Талмуд-Тора. У 1903—1904 гадох тут было 288 рамесных майстэрняў (1198 работнікаў, у 1909 годзе — 2060 работнікаў).

У 1914 годзе Расейская імпэрыя ўступіла ў Першую сусьветную вайну. А ў 1915 годзе, у выніку няўдачаў расейскай арміі, Полацак фактычна стаў прыфрантавым местам. 21 лістапада 1918 году яго занялі нямецкія войскі, 20 верасьня 1919 году польскія войскі ўвайшлі ў левабярэжную частку. 15 траўня 1920 году места занялі бальшавікі.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікі пасад, 1889 г.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Полацак абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР[14], аднак 16 студзеня Масква адабрала места разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Полацак вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам акругі (з 1938 году ў Віцебскай вобласьці). У 1926 годзе адкрыўся Полацкі краязнаўчы музэй, у 1936 годзе — тэатар.

27 верасьня 1938 году Полацак атрымаў афіцыйны статус гораду абласнога падпарадкаваньня. У гэты час места стала прамысловым цэнтрам паўночна-заходняй часткі Беларусі. Асноўнымі галінамі прамысловасьці былі мэталюргічная, мэталаапрацоўчая, абутковая, харчовая, паліграфічная (працаналі 3 друкарні), вытворчасьць будаўнічых матэрыялаў. Да пачатку 1940 году дзейнічалі 3 электрастанцыі. У 1940—1941 гадох працавалі 16 школаў, будаўнічы і лясны тэхнікумы, школьная і дашкольная пэдагагічныя вучэльні, 11 клюбаў, кінатэатар, 9 масавых бібліятэк.

У Другую сусьветную вайну з 16 ліпеня 1941 да 4 ліпеня 1944 году Полацак знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй. Па аднаўленьні савецкай улады 20 верасьня 1944 году ўтварылася Полацкая вобласьць, але ўжо праз 10 гадоў 8 студзеня 1954 году, яе ліквідавалі. У наступныя дзесяцігодзьдзі Полацак імкліва разьвіваўся. У 1957 годзе тут збудавалі шклозавод, а ў 1958 годзе побач зь местам зьявіўся прамысловы гігант Наваполацак.

14 студзеня 2013 году Полацак пазбавілі статусу гораду абласнога падпарадкаваньня[15].

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • XVI стагодзьдзе: 1552 год — 12 тыс. чал.[9]
  • XVII стагодзьдзе: 1650 год — 9,9 тыс. чал., 1667 год — 700 чал.[12]
  • XIX стагодзьдзе: 1817 год — 3340 чал.[16]; 1861 год — 15 028 чал.; 1865 год — 13 812 чал.; 1887 год — 19 434 чал., у тым ліку праваслаўных 3875 муж. і 3718 жан., каталікоў год — адпаведна 595 і 609, пратэстантаў год — 50 і 54, юдэяў год — 4812 і 5157, іншай веры год — 292 і 299[17]; 1891 год — 20 321 чал., зь іх праваслаўных 6989, аднаверцаў 204, раскольнікаў 407, каталікоў 1634, лютэранаў 299, юдэяў 10 797, магамэтанін 1; 1897 год — 20 751 чал. (9957 муж. і 10 794 жан.)[18]
  • XX стагодзьдзе: 1939 год — 29,6 тыс. чал.; 1959 год — 44 тыс. чал.; 1970 год — 64,2 тыс. чал.[19]; 1974 год — 72 тыс. чал.[20]; 1991 год — 78,7 тыс. чал.; 1995 год — 88 тыс. чал.[21]; 1998 год — 87,5 тыс.[3]
  • XXI стагодзьдзе: 2006 год — 82,4 тыс. чал.; 2007 год — 81,7 тыс. чал.; 2008 год — 83,4 тыс. чал.; 1 студзеня 2009 году — 83,7 тыс. чал.; 2009 год — 82 547 чал. (перапіс)[22]; 2015 год — 85 126 чал.[23]; 2016 год — 85 078 чал.[24]; 2017 год — 85 012 чал.[1]

Адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Полацку месьціцца Гістарычна-філялягічны факультэт і факультэт інфармацыйных тэхналёгіяў Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (астатнія — у Наваполацку). Установы сярэдняй спэцыяльнай адукацыі: Полацкі дзяржаўны аграрна-эканамічны каледж, Полацкі гандлёва-тэхналягічны каледж Белкаапсаюзу, Полацкі дзяржаўны лясны каледж, Полацкі педагагічны каледж УА «ВДУ імя П. М. Машэрава», Полацкі дзяржаўны прафэсійна-тэхнічны каледж, Полацкі дзяржаўны прафэсійны ліцэй будаўнікоў, Полацкі дзяржаўны прафэсійны ліцэй хімікаў.

Апроч таго, працуюць Нацыянальная гімназія, 15 сярэдніх, музычная, мастацкая і 2 спартовыя (у тым ліку алімпійскага рэзэрву) школы, 31 дашкольная ўстанова.

Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзейнічаюць Цэнтар нацыянальнай культуры і рамёстваў, кінатэатар, філія Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатру імя Якуба Коласа (з 2003 году), 3 палацы культуры, 21 бібліятэка.

Мас-мэдыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Тэлеканалы: «СКІФ-Полацак»; «ТВК (Квант)»; «Саміт+ТБ»
  • Радыёстанцыі: «Эўропа плюс Полацак» — 102.1 FM; «Рэтра-FM Полацак» — 104.7 FM; «Радыё АНТ» — 107.0 FM
  • Газэта «Полацкі веснік»

Спорт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Полацку функцыянуюць наступныя ўстановы:

  • Спартовы комплекс «Хімік»
  • Спартовы комплекс адзінаборстваў «Алімпіец»
  • Культурна-спартовы комплекс ААТ «Полацак-Шкловалакно»

Мясцовы футбольны клюб — «Полацак».

Забудова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вуліцы і пляцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Афіцыйная назва Гістарычная назва Былыя назвы
Астроўскага вуліца Канаўная вуліца
Блюхера вуліца Балагоўская вуліца[25]
Валадарскага вуліца Гарбузаўская вуліца
Войкава вуліца Невельская вуліца
Гагарына вуліца Віцебскі тракт
Гогаля вуліца (з 1909) Вакзальная вуліца
Дзяржынскага вуліца (з 1938) Віленская вуліца
Зыгіна вуліца Себеская вуліца
Калгасны завулак Сіроцінскі завулак
Камуністычная вуліца (з 1919) Азараўская вуліца
Азаравая вуліца
Кандраценкі вуліца Громаўская вуліца
Краснова вуліца Вялікая вуліца[26]
Леніна вуліца Узьнясенская вуліца Сака і Ванцэці вуліца
Ніжне-Пакроўская вуліца Вялікая вуліца Леніна вуліца (1919—2009)
Ніжне-Пакроўская вуліца (1848—1918)
Пушкіна вуліца Старавакзальная вуліца
Рэспубліканская вуліца Заканаўная вуліца
Савецкая вуліца (з 1919) Спаская вуліца
Свабоды плошча Рынак пляц Парадная плошча
Корпусная плошча
Стаханаўскі завулак Шпакоўскі завулак
Сушкова вуліца Папярочна-Заходняя вуліца
Сьвярдлова вуліца (з 1938) Задзьвінская вуліца
Талстога вуліца (з 1911) Прабойная вуліца Васкрасенская вуліца
Францішка Скарыны вуліца Плігаўская вуліца Пралетарская вуліца
Францішка Скарыны плошча Верхні Рынак пляц
Францішка Скарыны праспэкт Бацечкавая вуліца (паўночная траса)
Віцебская вуліца (паўночная траса)
Ільлінская вуліца (паўднёвая траса)
Аляксандраўская вуліца (паўночная траса, 1912—1917)
Верхне-Пакроўская вуліца (паўднёвая траса)
Троцкага вуліца (паўднёвая траса)
Арджанікідзэ вуліца (паўднёвая траса)
Карла Маркса праспэкт
Энгельса вуліца (з 1938) Надзьвінская вуліца
Эўфрасіньні Полацкай вуліца Рыская вуліца Фрунзэ вуліца

З урбананімічнай спадчыны Полацку да нашага часу гістарычныя назвы захавалі вуліцы Міхайлаўская і Стралецкая, завулак Млынавы і праезд Замкавы. З усіх вуліцаў гістарычнага цэнтру Полацку савецкія ўлады не перайменавалі толькі дзьве: Гогаля і Талстога. Адпаведныя назвы гэтыя вуліцы атрымалі ў выніку перайменаваньня расейскімі ўладамі гістарычных Вакзальнай і Прабойнай вуліцаў.

Мясцовасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычныя мясцовасьці: Верхні Замак, Ніжні Замак, Вялікі Пасад, Запалоцьце, Спас, Задзьвіньне, Востраў, Бельчыца, Экімань, Струньне.

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прадпрыемствы хімічнай, машынабудаўнічай і мэталаапрацоўчай, лёгкай, харчовай, будаўнічых матэрыялаў, паліграфічнай прамысловасьці.

Апроч таго, дзейнічае Полацкая ЦЭС.

Транспарт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мескі вакзал

Аўтамабільны транспарт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Полацак — буйны транспартны вузел Віцебскай вобласьці. Празь места праходзяць аўтамабільныя дарогі Р14 (Полацак — Браслаў), Р20 (Віцебск — Полацак — граніца Латвіі), Р24 (Полацак — Расоны), Р45 (Полацак — Глыбокаеграніца Летувы) і Р46 (Лепель — Полацак — Юхавічы).

Полацак мае рэгулярнае аўтобуснае злучэньне з Рыгай, Менскам, Віцебскам, Лепелем, Браславам і іншымі местамі Беларусі.

Чыгуначны транспарт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Полацак — чыгуначны вузел з кірункамі на Віцебск, Рыгу, Маладэчна і Невель. Пасажырскія цягнікі злучаюць места з Гомелем, Масквой, Менскам, Паставамі. Мае прымескае злучэньне з найбліжэйшымі местамі.

Рачны транспарт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

За савецкім часам Дзьвіной курсавалі пасажырскія катэры. У наш час рачныя пасажырскія перавозкі не ажыцьцяўляюцца.

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Інфрастуктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гатэль «Дзьвіна»

Полацак — пэрспэктыўны цэнтар турызму Беларусі міжнароднага значэньня[27].

Дзейнічае Нацыянальны Полацкі гістарычна-культурны музэй-запаведнік, які аб’ядноўвае Полацкі краязнаўчы музэй, Полацкі музэй беларускага кнігадрукаваньня, Полацкі музэй-бібліятэку Сімяона Полацкага, Музэй традыцыйнага ткацтва Паазер’я, Полацкі музэй баявой славы, Полацкі музэй гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора, Полацкі дзіцячы музэй, музэй Тусналобавай-Марчанка, Полацкі дом Пятра I, Полацкую стацыянарную выстаўку «Шпацыраваньне па Ніжнепакроўскай», Мастацкую галерэю.

У месьце рэгулярна праводзіцца міжнародны фэстываль арганнай музыкі «Званы Сафіі», міжнародны фэстываль старажытнай і сучаснай камэрнай музыкі, фэст сярэднявечнай культуры «Рубон». Спыніцца можна ў гатэлі «Дзьвіна» або гасьцінічным комплексе «Славянскі». За 2011 год у Полацку пабывалі звыш 250 000 турыстаў і 55 000 паломнікаў, якія выдаткавалі 2,1 млрд рублёў[28] ($375 тыс.).

Славутасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рэканструкцыя (налева) і сучасны стан (направа) Спаскай царквы; уласьцівы для «мураўёвак» купал-цыбуліну надбудавалі толькі ў XIX ст.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Помнікі сакральнай архітэктуры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Іншыя славутасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Месты-сябры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асобы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Паводле афіцыйнага напісаньня — Polack
  2. ^ Хроніка Вартбэрга
  3. ^ напрыклад, Кайгарадаў А. Кліматычны атляс Беларусі. — Менск, 1927.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  2. ^ Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 301.
  3. ^ а б Штыхаў Г., Джумантаева Т., Сяргеенка Л. Полацк // ЭГБ. Т. 5. — Менск, 1999. С. 518.
  4. ^ Бушлякоў Ю., Вячорка В., Санько З., Саўка З. Беларускі клясычны правапіс. Збор правілаў. Сучасная нармалізацыя. — Вільня—Менск, 2005. С. 21.
  5. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. Лемцюговай. — Менск: Тэхналогія, 2010.
  6. ^ Бушлякоў Ю. Жывая мова. (Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе.) — Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2013. С. 99.
  7. ^ Таямніцы полацкай гісторыі / У.А. Арлоў. — Мн.: «Папуры», 2008. С. 37.
  8. ^ Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды / М. Ермаловіч. — Мн.: Маст. літ., 1990.— 366 с.: іл. ISBN 5-340-00614-Х. С. 58.
  9. ^ а б в Варонін В. Полацк // ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 444.
  10. ^ Варонін В. Полацк // ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 444—445.
  11. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998.
  12. ^ а б в Варонін В. Полацк // ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 445.
  13. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Вільня, 2002.
  14. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  15. ^ Указ Президента Республики Беларусь от 14 января 2013 г. № 27 «Об объединении районов и городов областного подчинения Республики Беларусь, имеющих общий административный центр»(рас.) (pdf). Нацыянальны прававы Інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь (14 студзеня 2013). Праверана 7 лютага 2016 г.
  16. ^ Штыхаў Г., Джумантаева Т., Сяргеенка Л. Полацк // ЭГБ. Т. 5. — Менск, 1999. С. 520.
  17. ^ Manteufell G. Połock // Słownik geograficzny... T. VIII. — Warszawa, 1887. S. 719.
  18. ^ Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). СПб, 1890—1907.
  19. ^ Штыхаў Г., Джумантаева Т., Сяргеенка Л. Полацк // ЭГБ. Т. 5. — Менск, 1999. С. 521.
  20. ^ Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
  21. ^ Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham— London, 1998. P. 172.
  22. ^ Перепись населения год — 2009. Витебская область(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  23. ^ Численность населения на 1 января 2015 г. и среднегодовая численность населения за 2014 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  24. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  25. ^ Гаўрылава В. Гаданімія г. Полацка ў рэтраспектыве часу (ХІV—ХХІ ст.) // Сучасны стан беларускага краязнаўства і валанцёрскі рух. Матэрыялы Рэспубліканская навукова-практычнай канферэнцыі 16 красавіка 2012 г. — Менскі, 2012.
  26. ^ Дук Д. Полацк і палачане (IX—XVIII стагодзьдзі). — Наваполацк: ПДУ, 2010. С. 92.
  27. ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
  28. ^ Аляксандар Пукшанскі. Полацак сябе пакажа // Зьвязда : газэта. — 25 траўня 2012. — № 98 (27213). — С. 1, 8. — ISSN 1990-763x.
  29. ^ Сементовский А. М. Белорусские древности. — СПб., 1890. С. 109.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Полацаксховішча мультымэдыйных матэрыялаў