Магнус Карлсэн

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Магнус Карлсэн
Magnus Carlsen
Carlsen Magnus (30238051906).jpg
ІмяСвэн Магнус Ээн Карлсэн
Імя пры нараджэньні Sven Magnus Øen Carlsen
КраінаНарвэгія
Нарадзіўся 30 лістапада 1990 (28 гадоў)
Тэнсбэрг, Вэстфол, Нарвэгія
ЗваньнеГросмайстар (2004)
Чэмпіён сьветуз 2013
Рэйтынг ФІДЭ2839 (сьнежань 2018)
Максымальны рэйтынг2882 (травень 2014)
Месца№ 1 (кастрычнік 2018)
Найвышэйшае месца № 1 (студзень 2010)

Свэн Ма́гнус Ээн Ка́рлсэн (па-нарвэску: Sven Magnus Øen Carlsen; · 30 лістапада 1990, Тэнсбэрг) — нарвэскі шахматыст, гросмайстар, дзейны чэмпіён сьвету. Максымальны рэйтынг — 2882, што зьяўляецца найвышэйшым паказьнікам у гісторыі шахматаў.

Магнус Карлсэн стаў гросмайстрам у 13-гадовым узросьце (2004), стаўшыся на той момант другім наймаладзейшым гросмайстрам у гісторыі. 1 студзеня 2010, у 19-гадовым узросьце, ён стаў наймаладзейшым гульцом у гісторыі шахматаў, які заняў 1-ю пазыцыю сусьветнага рэйтынгу. У студзені 2013 Карлсэн меў рэйтынг Эло 2861, найвышэйшы на той час у гісторыі.

У лістападзе 2013 Магнус Карлсэн перамог Вішванатана Ананда на чэмпіянаце сьвету і стаў 16-м чэмпіёнам[1].

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Маці Сыгрун Ээн — інжынэр-хімік, бацька Генрык Альбэрт Карлсэн — ІТ-кансультант. Мае трох сёстраў. Бацька, аматар шахматаў, пачаў навучаць сына зь пяцігадовага веку. Пазьней Магнус пайшоў у коледж элітных відаў спорту, дзе займаўся ў наймацнейшага шахматыста Нарвэгіі, гросмайстра Сымэна Агдэстэйна. Той у 2000 року прадставіў Карлсэна колішняму моладзеву чэмпіёну Нарвэгіі Торб’ёрну Рынгдалю Гансэну, які за год узьняў рэйтынг свайго вучня з 904 да 1907. У той час Карлсэн, акрамя шахматаў, любіў гуляць у футбол і займаўся лыжамі.

З восені 2000 року да канца 2002 Магнус Карлсэн згуляў амаль 300 турнірных партыяў, узяў удзел у некалькіх турнірах па бліцы ды інш. У кастрычніку 2002 ён заняў 6-е месца на чэмпіянаце Эўропы да 12 гадоў, а празь месяц заняў 2-е месца на чэмпіянаце сьвету да 12 гадоў. 20 жніўня 2003 року атрымаў званьне міжнароднага майстра.

Шахматная кар’ера[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2004 року Карлсэн сэнсацыйна перамог у групе C турніру ў Вэйк-ан-Зэе з вынікам 10½/13, упершыню выканаўшы гросмайстарскі нарматыў. Другі і апошні нарматывы ён пасьпяхова пацьвердзіў на працягу гэтага ж году, стаўшы другім наймаладзейшым на той час міжнародным гросмайстрам сьвету. Таксама ён стаў наймаладзейшым удзельнікам чэмпіянатаў сьвету.

У 2006 року Карлсэн падзяліў першае месца ў групе B турніру ў Вэйк-ан-Зэе і атрымаў права гуляць у вышэйшай групе. Першай ягонай перамогай у турнірах найвышэйшага ўзроўню стала першае месца на міжнародным турніры ў Сараеве, хоць ён і падзяліў перамогу зь Лівіў-Дытэрам Нісіпяну. У гэтым жа годзе ён упершыню стаў чэмпіёнам Нарвэгіі, на тай-брэйку адолеўшы свайго настаўніка Сымэна Агдэстэйна. На XXXVII шахматнай алімпіядзе набраў 6/8 пунктаў і рэйтынг 2820.

У 2007 року Карлсэн дайшоў да паўфіналу Кубку сьвету.

У 2008 падзяліў першае месца ў групе A турніру ў Вэйк-ан-Зэе зь Лявонам Аранянам, набраўшы 8/13 пунктаў і паказаўшы рэйтынг 2830.

У 2009 Карлсэн перамог на чэмпіянаце сьвету па бліцы, адарваўшыся ад Вішванатана Ананда на тры пункты. Перамога на шахматным турніры ў Лёндане ўпершыню вывела яго на першы радок сусьветнага рэйтынгу. Ягоным пэрсанальным трэнэрам з пачатку году стаў колішні чэмпіён сьвету Гары Каспараў.

У 2010 року Магнус Карлсэн выйграў турнір у Вэйк-ан-Зэе з 8½ пунктамі. У сакавіку скончылася ягонае супрацоўніцтва з Каспаравым як трэнэрам. На турніры па шахматах усьляпую ў Монтэ-Карлё Карлсэн упершыню падзяліў першае месца з Васілём Іванчуком. У кастрычніку ў кітайскім Нанкіне адбыўся турнір з удзелам трох наймацнейшых гульцоў сьвету — Вішванатана Ананда (які на той час зьмясьціў Карлсэна зь першай пазыцыі рэйтынгу), Карлсэна ды Весяліна Тапалава — першы турнір з удзелам трох шахматыстаў з рэйтынгам вышэй за 2800. Карлсэн перамог з вынікам 7/10 і рэйтынгам 2903, на пункт апярэдзіўшы Ананда.

У сьнежні 2012 року Карлсэн у трэці раз перамог на турніры ў Лёндане і дасягнуў рэйтынгу 2861, пабіўшы рэкорд Гары Каспарава 13-гадовай даўніны (2851).

У 2013 року выйграў турнір у Вэйк-ан-Зэе з 10 пунктамі, апярэдзіўшы другога суперніка на 1½ пункты. У сакавіку-красавіку Магнус Карлсэн узяў удзел у турніры прэтэндэнтаў і на тай-брэйку перамог Уладзімера Крамніка, атрымаўшы права паспаборнічаць зь дзейным чэмпіёнам Вішванатанам Анандам. Ён перамог дзейнага чэмпіёна зь лікам 6½-3½, стаўшы ў лістападзе 16-м чэмпіёнам сьвету.

У чэрвені 2014 року Карлсэн перамог на чэмпіянаце сьвету ў рапідзе, а праз два дні — і ў бліцы, стаўшыся першым шахматыстам, які авалодаў усімі трыма шахматнымі чэмпіёнскімі тытуламі. У лістападзе адбыўся матч на званьне чэмпіёна сьвету, права ўдзельнічаць у якім заваяваў зрынуты чэмпіён Вішванатан Ананд. Матч скончыўся пасьля 11-й партыі, паколькі Карлсэн вёў 6½-4½, што было дастаткова для абароны тытулу.

У студзені 2015 року Карлсэн перамог на турніры ў Вэйк-ан-Зэе з 9 пунктамі з 13. У кастрычніку ён стаў першым шахматыстам, хто пасьпяхова абараніў тытул чэмпіёна сьвету ў рапідзе, аднак саступіў чэмпіёнства ў бліцы Аляксандру Грышчуку.

У студзені 2016 року Магнус Карлсэн перамог на турніры ў Вэйк-ан-Зэе з 9 пунктамі з 13. У красавіку ўпершыню перамог на Нарвэскім турніры з вынікам 6/9. У лістападзе адбыўся матч за званьне чэмпіёна сьвету, дзе чэмпіёну супрацьстаяў расеец Сяргей Каракін. 12-партыйны матч скончыўся ўнічыю 6:6, і на тай-брэйку ў свой дзень нараджэньня, 30 лістапада, Магнус Карлсэн абараніў чэмпіёнскі тытул, атрымаўшы перамогу 3:1. У сьнежні ўзяў удзел у чэмпіянаце сьвету па рапідзе і бліцы, дзе заняў адпаведна трэцяе і другое месцы адпаведна.

У сьнежні 2017 року Магнус Карлсэн узяў удзел у чэмпіянаце сьвету па рапідзе і бліцы, дзе трэцім разам заваяваў тытул чэмпіёна ў бліцы.

У студзені 2018 року ў рэкордны шосты раз Магнус Карлсэн перамог на турніры ў Вэйк-ан-Зэе, на тай-брэйку абыграўшы Аніша Гіры. У лістападзе адбыўся матч за званьне чэмпіёна сьвету, дзе чэмпіёну супрацьстаяў амэрыканец Фабіяна Каруана. Асноўны турнір скончыўся ўнічыю 6:6, а на тай-брэйку Карлсэн абараніў чэмпіёнскі тытул з вынікам 3:0.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Norwegian prodigy Magnus Carlsen is new chess champion(анг.). BBC (22 лістапада 2013). Праверана 22 лістапада 2013 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Магнус Карлсэнсховішча мультымэдыйных матэрыялаў

Папярэднік
Вішванатан Ананд
Чэмпіён сьвету па шахматах
2013
Наступнік
'
Папярэднік
Весялін Тапалаў
Вішванатан Ананд
Вішванатан Ананд
Рэйтынг №1
1 студзеня 2010 – 31 кастрычніка 2010
1 студзеня 2011 – 28 лютага 2011
1 ліпеня 2011
Наступнік
Вішванатан Ананд
Вішванатан Ананд
Дзейны